У Беларусі іншым апэратарам сувязі забаронена зьвяртацца да якога-небудзь замежнага апэратара самастойна, у абыход „Белтэлекаму“.
Увесь абмен трафікам з замежжам адбываецца на адмысловай пляцоўцы, якая называецца НЦАТ — „Нацыянальны цэнтар абмену трафікам“. А 8-й раніцы 9 жніўня „зваліўся“ лінк, які злучае беларускі інтэрнэт са зьнешнім сьветам, потым дзесьці гадзіну быў сапраўдны вэрхал, нейкія лінкі адключаліся, нейкія ўключаліся. І каля 10 гадзін увесь інтэрнэт-трафік быў замкнёны на адзін-адзіны вузел сувязі. Што гэта за вузел — дакладна невядома, але вядома, што ў 2018 годзе НЦАТ абвясьціў тэндэр на куплю абсталяваньня для „глыбокага“ дасьледаваньні інтэрнэт-трафіку на 2,5 мільёна даляраў. Гэта сурʼёзная сума для такога абсталяваньня. Гаворка ідзе пра ня самую вялікую краіну, і я думаю, што ўрад вырашыў накіраваць увесь трафік праз гэтае абсталяваньне для кантролю за ім.
Хутчэй за ўсё, гэта абсталяваньне DPI проста не спраўляецца з тым абʼёмам трафіку, якім яго нагружаюць. Увесь беларускі трафік цяпер фактычна праходзіць праз „бутэлечнае рыльца“, дзе стаіць спэцыяльнае абсталяваньне, якое правярае кожны пакет дадзеных і прымае рашэньне, прапускаць яго ці не.